Украінка Наталля Краснянская перамгла на “Славянскім базары”

Прадстаўніца Украіны Наталля Краснянская стала ўладальніцай Гран-пры ў 10 тысяч долараў на XVI Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2007". Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Віцебскай абласной філармоніі. Узнагароды ўручаў старшыня журы конкурсу Кім Брэйтбург. Першую прэмію ў памеры 6 тысяч долараў (па 3 тысячы кожнаму) падзялілі беларус Георгій Калдун і выканаўца са Славеніі Нушка.

Другую прэмію ў 4 тысячы долараў павязе ў Румынію самая юная ўдзельніца конкурсу 16-гадовая Аліна. Трэцюю прэмію - 2 тысячы (па тысячы кожнаму) журы прысудзіла Себасціяну Плявіньскаму з Польшчы і спявачцы з Сербіі Ане Міленкавіч.

Другой беларускай удзельніцы Ганне Благавай прысуджана званне дыпламанткі конкурсу. Не ўдалося стаць лаўрэатам расіяніну Радзівону Роусу, які лічыўся адным з фаварытаў конкурсу. Яго ўзнагародзілі толькі спецыяльнай прэміяй імя Уладзімра Мулявіна "За найлепшае ўвасабленне нацыянальнай ідэі і высокае выканальніцкае майстэрства".

У другі конкурсны дзень расіянін выканаў па-беларуску песню "Зачараваная" з рэпертуару Песняроў. Ноўтбукі - прызы Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі - атрымалі Калдун і Роус. Прыз расійскіх СМІ атрымаў Джамік Джаз з Узбекістана. Кампанія "Белавія" прадаставіла беларускай удзельніцы права бясплатна лятаць сваімі рэйсамі на працягу года на агульную суму 4 тысячы долараў.

БелаПАН