Украінскае піва выцясняюць з беларускага рынку

Украінскія бровары былі вымушаныя пайсці на гэты крок пасля ўводу ў Беларусі ліцэнзавання імпарту украінскага піва.

У 2011 годзе беларускі імпарцёр можа атрымаць ліцэнзію на ўвоз украінскага піва ў тым выпадку, калі паміж канцэрнам "Белдзяржхарчпрам" і ўкраінскім вытворцам заключанае пагадненне наконт мінімальнай цаны на прадукцыю, што пастаўляецца ў Беларусь.

Пакуль украінскія бровары адмаўляюцца падпісваць з беларускім канцэрнам коштавы дадатак да заключанага раней пагаднення, бо лічаць, што новыя коштавыя ўмовы зробяць іх піва неканкурэнтаздольным на беларускім рынку. Вытворцы ячменнага напою ў сувязі з гэтым звярнуліся па дапамогу да ўраду Украіны.

Паводле даных за студзень-лістапад 2010 года, у нашую краіну было імпартавана 13,1 млн дал піва, у тым ліку 4,3 млн дал з Украіны. То бок амаль траціна ад агульнага аб'ёму імпарту, пішуць "Беларускія навіны".