Уладальнікам беларускіх казіно дазволяць весці "чорныя спісы" гульцоў

Уладальнікам ігральных устаноў у Беларусі могуць дазволіць весці "чорныя спісы" гульцоў.  Як паведамляе БЕЛТА, такая норма ёсць у праекце ўказу "Аб некаторых мерах па ўдасканаленні парадку ажыццяўлення дзейнасці ў сферы ігральнага бізнэсу", падрыхтаваным Мінспорту і турызму. У дакуменце гаворыцца, што арганізатар азартных гульняў мае права забараніць доступ у ігральную ўстанову, калі наведвальнік раней неаднаразова парушаў правілы яе наведвання. Аднак для гэтага патрабуецца, каб згаданыя факты былі дакументальна аформленыя і пацверджаныя.

Мяркуецца, што ўладальнікі ігральных устаноў могуць не ўпускаць унутр наведвальнікаў, якія парушалі правілы арганізацыі і правядзенні азартных гульняў, выкарыстоўвалі тэхнічныя прылады, якія аказваюць уздзеянне на вынік гульні або дазваляюць яго прадбачыць.

"Чорныя спісы" гульцоў вельмі распаўсюджаныя за мяжой. У прыватнасці, у Лас-Вегасе дзейнічае адзіны для ўсіх казіно пералік "List of Excluded Persons". У яго заносяцца гульцы, якія парушылі правілы наведвання ігральных установаў.