Уладзімір Халіп: Ірына выглядае стомленай, але не зламанай

Уладзіміру Халіпу супрацоўнікі СІЗА КДБ адмовілі ў магчымасці перадаць дачцы Ірыне рэчы першай неабходнасці. Нягледзячы на тое, што ўчора следчы, які вядзе яе справу, даў дазвол на гэта, распавёў спадар Уладзімір Еўрарадыё. Дарэчы, толькі пасля размовы са следчым бацьку Ірыны празналіся ў аддзеле прапускоў КДБ, што яго дачка сапраўды знаходзіцца ў іх.
Уладзімір Халіп: “Пасля настойлівых спроб звязацца з яе следчым і пасля таго, як ён перагаварыў з дзяжурным, у КДБ высветлілася, што яна ўсё ж такі там ёсць. І мне было дазволена сёння прынесці ёй перадачу. Я сабраў цёплыя рэчы, бо адвакат мне сказаў, што там вельмі халодна ў камеры і што ў яе няма нават прадметаў асабістай гігіены, нават зубной шчоткі няма. Мы пайшлі сёння. Нас там сустрэлі вельмі дзіўным “кардонам”, які нам патлумачыў, што ніякіх перадач для Ірыны прыняць не могуць, бо яна знаходзіцца ў статусе затрыманай. А прымаць перадачы можна толькі пасля таго, як яе перавядуць у статус арыштаванай”. 

Па словах Уладзіміра Халіпа, яму сустрэцца з дачкой не дазволілі, але на ўчорашнім допыце Ірыны прысутнічаў адвакат. Па яго словах, кажа бацька затрыманай, Ірына выглядае стомленай, але не зламанай.