Уладзімір Палажанка: Наста ўсю ноч правяла ў інтэрнэце
Бацька маладафронтаўкі распавёў, як яна спаталяла "інфармацыйны голад" пасля вызвалення з СІЗА КДБ.
Бацька маладафронтаўкі Насты Палажанкі Ўладзімір у жывым эфіры Еўрарадыё распавёў пра тое, як дачка адчувае сябе пасля вызвалення з следчага ізалятара КДБ, дзе яна правяла два месяцы.
Паводле слоў Уладзіміра Палажанкі, Наста пасля вызвалення была "ў некалькі разгубленым стане". Як яна казала, гэтыя два месяцы давялося знаходзіцца ў поўным інфармацыйным вакууме і цяпер у яе "інфармацыйны голад".
Учора да Насты Палажанкі прыязджалі сябры-маладафронтаўцы. "Да 2-х гадзінаў ночы яны распавядалі ўсё, што адбываецца... Пасля яна ўсю ноч сядзела ў інтэрнэце. Вывучала прэсу, усе архівы", — кажа Ўладзімір Палажанка. Паводле яго слоў, фізічны стан Насты "вельмі добры", яна вясёлая і энергічная, мае шмат планаў.
Наста Палажанка не можа гаварыць нічога па сваёй справе, каб не нашкодзіць маладафронтаўцам, якія яшчэ знаходзяцца за кратамі. Аднак яна распавяла, як вучыла сваіх сукамерніц, якія праходзяць па эканамічных злачынствах, беларускамоўным песням — "Простыя словы", "Надзенька", таксама вучыла іх і беларускай мове. А сукамерніцы навучылі яе пекчы булачкі, гатаваць салаты.