Уначы памёр вядомы беларускі палітолаг Сяргей Панькоўскі

Ён сканаў раптоўна на 54-м годзе жыцця. Прычына смерці пакуль не паведамляецца.Дата пахаванняў не вызначаная. Хутчэй за ўсё, яны адбудуцца ў панядзелак, 15 чэрвеня.

Сяргей Панькоўскі быў адным з заснавальнікаў і кіраўніком экспертнага сайта "Наша думка", а таксама адзін з заснавальнікаў Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў і Ўсходнееўрапейскай школы палітычных даследаванняў.
Кандыдат філасофскіх навук, адмысловец у вобласці палітычнай тэорыі і філасофіі, гісторыі палітычнай думкі.

У 1992—1993 гады быў дарадцам старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі; 1994—2001 — дэканам франка-беларускага факультэта палітычных і адміністрацыйных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта; 2001—2004 — дарадцам рэктара ЭГУ; 2002—2005 — кіраўніком дэпартамента палітычных даследаванняў аб'яднання "Сацыяльныя тэхналогіі".

Узнагароджаны ордэнам Акадэмічных пальмаў (Францыя).

Гэта вялікая страта для Беларусі. Еўрарадыё спачувае родным і блізкім памерлага.