Унесены змены ў правілы "Оскара"

Амерыканская кінаакадэмія крыху змяніла правілы адбору фільмаў на "Оскар". Змены датычацца дзвюх намінацый: "Лепшая песня" і "Лепшы фільм на замежнай мове", паведамляе Reuters.

Цяпер у намінацыі "Лепшая песня" могуць быць прадстаўленыя не больш за дзве кампазіцыі з аднаго кінафільма.

Што датычыцца фільмаў на замежнай мове, то цяпер адмысловая камісія атрымае магчымасць павялічваць доўгі спіс прэтэндэнтаў з трох да шасці карцін, а іншы камітэт, пазней, сфармуе кароткі спіс з пяці карцін.

Першае новаўвядзенне тлумачыцца досведам апошніх оскараўскіх цырымоній: двойчы запар у песеннай намінацыі ўдзельнічалі па тры кампазіцыі з аднаго фільма ("Дрымгёрлз" у 2007-м і "Зачараваная" у 2008-м).

У спаборніцтве фільмаў на замежнай мове склалася іншая сітуацыя: тут яўныя лідэры, румынская драма "4 месяцы, 3 тыдні і 2 дні" і французскі мультфільм "Персэполь", не атрымалі намінацыі акадэміі.

Нагадаем, што наступны раз намінацыі на прэміі Амерыканскай кінаакадэміі будуць абвешчаныя 22 студзеня 2009 года, а лаўрэаты стануць вядомыя 22 лютага.

Фота: www.polityka.pl