Універсітэт культуры не працягнуў кантракт з Андрэем Курэйчыкам

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў не працягнуў кантракт з Андрэем Курэйчыкам, які выкладаў у гэтым ВНУ курс драматургіі. Прычынаў такога рашэння драматургу не патлумачылі. Але, па яго словах, адпаведнае ўказанне магло паступіць "зверху". Па версіі Курэйчыка, звальненне можа быць звязана з яго нядаўнім інтэрв'ю, апублікаваным у шэрагу недзяржаўных СМІ. Між іншага, драматург выказаў там спачуванне арыштаваным і затрыманым актывістам кампаніі "Гавары праўду!".

Інтэрнэт-газета "Белорусские новости" паведамляе, што Андрэй Курэйчык паспеў прыняць у студэнтаў толькі адзін іспыт, хаця мусіў выкладаць у іх да пятага курсу. "Курс драматургіі набіралі пад пэўнага выкладчыка, як гэта бывае ў творчых ВНУ. У дадзеным выпадку — пад Курэйчыка", — распавёў драматург.

Андрэй Курэйчык — аўтар 25 п'ес, запатрабаваных на сцэнах розных краінаў. Па яго сцэнарах знята некалькі фільмаў, агульны збор ад паказу якіх склаў 38 мільёнаў долараў.