Унучка Лукашэнкі знялася ў кіно

Вікторыя Лукашэнка, унучка кіраўніка Беларусі, знялася ў фільме "На спіне ў чорнага ката". Пра гэта паведамляе газета "Народная Воля". Прэм'ера фільма «На спіне ў чорнага ката» адбудзецца ў сераду, 11 чэрвеня, у Доме Кіно (бульвар Талбухіна, 18, былы кінатэатр «Партызан»).

Перад паказам пра карціну распавядзе рэжысёр Іван Паўлаў, здымачная група фільма і акцёры. Вядучая вечара – Вера Палякова, якая выканала ў фільме ролю добрага анёла. У гэты вечар на сцэну выйдуць народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч, заслужаная артыстка Вера Кавалерава, акцёры Алеся Пуховая, Аляксандр Ефрэмаў, а таксама юная акторка Вікторыя Лукашэнка.

"На спіне ў чорнага ката" — гэта пацешная гісторыя пра двух вясковых дзядоў з Прыпяці, якія выйгралі ў латарэю велізарныя грошы і ў пошуках прыгодаў адправіліся ў Мінск.