Упершыню беларускі суд пакараў члена ўчастковай выбарчай камісіі

Сябра Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Вазняк выкрыў парушэнне выбарчага заканадаўства з боку члена выбарчай камісіі ў вёсцы Ходцы на Сенненшчыне настаўніцы Наталлі Нікіцінай. На нядаўніх парламенцкіх выбарах яе фактычна злавілі за руку, калі яна дазволіла брыгадзіру мясцовай фермы атрымаць бюлетэні за ўсіх супрацоўнікаў. Суд вынес пакаранне па адміністрацыйнай справе і пацвердзіў, што брыгадзір Фаіна Ананенка распісалася за траіх працаўнікоў фермы. Сябра камісіі атрымала мінімальнае пакаранне у 20 базавых велічыняў ці 700 тысяч рублёў. Але Сяргей Вазняк лічыць, што гэта даволі сур’ёзная сума для вясковай настаўніцы і гэты факт можа паслужыць навукай для іншых сябраў камісіі ў будучым. І таму ён задаволены рашэннем суда:

“Рашэнне сёння прынятае судом прававое. Нарэшце ўпершыню з 1996 года атрымалася ў судовым парадку пакараць члена участковай выбарчай камісіі”.


Але Вазняк не задаволены працай супрацоўнікаў міліцыі і старшыні райвыканкаму, якія складалі пратакол. На яго думку, калі б яны сапраўды заняліся гэтай справай, то можна было б казаць пра крымінальную адказнасць.

Адзначым, што выкрыць парушэнне заканадаўства ўдалося толькі дзякуючы таму, што ў складзе акруговай камісіі быў сябра ПКБ Уладзімір Галубцоў.