Урад Беларусі прапануе ўпарадкаваць сацыяльныя льготы

Урад Беларусі лічыць неабходным упарадкаваць у краіне сацыяльныя льготы. Сёння ў Палаце прадстаўнікоў міністр працы і сацыяльнай абароны Уладзімір Патупчык прадстаўляе дэпутатам праект закона «Аб дзяржаўных сацыяльных льготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян». Паводле яго словаў, існуючая сістэма сацыяльных ільготаў вядзе да «неэфектыўнага распылення бюджэтных сродкаў». Летась з бюджэта на гэтыя мэты былі выдаткаваныя больш за 600 мільярдаў рублёў, у той жа час на дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, толькі 130 мільярдаў рублёў, на рэалізацыю праграмы забеспячэння дэмаграфічнай бяспекі толькі 177 мільярдаў.

«Такім чынам на льготы выдзяляецца значна больш сродкаў, чым на важныя дзяржаўныя праграмы», адзначыў міністр. Уладзімір Патупчык перакананы, што існуючая сістэма дзяржаўных сацыяльных ільготаў павінна быць замененая «адраснай сацыяльнай падтрымкай».

Нагадаем, праект прадугледжвае адмену льготаў для былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, прадугледжваецца абмежаванне права на льготы для вайскоўцаў, супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Адмяняецца зніжка аплаты кошту праезда на пасажырскім транспарце для навучэнцаў і студэнтаў, ветэранаў працы, знікнуць бясплатныя лекі для дзяцей да 3 гадоў.   

Інтэрфакс