Урад рыхтуе новыя льготы для прадпрымальнікаў

Беларускія прадпрымальнікі, дзякуючы крызісу, могуць атрымаць істотныя падатковыя льготы і спрашчэнне адміністрацыйных бар'ераў. На разглядзе ва ўрадзе знаходзіцца праект указу прэзідэнта аб стварэнні прадпрымальнікам прывабных умоў для экспарту прадукцыі беларускіх вытворцаў, паведамляе сайт “Беларускія навіны”.
Дакумент прадугледжвае шэраг падатковых паслабленняў, на якіх настойвае бізнес-супольнасць. І калі канчатковы тэкст указу захавае асноўныя льготы, экспарт беларускіх тавараў для ІП можа стаць і выгадным, і прыбытковым.

У прыватнасці, ІПэшнікі змогуць свабодна распараджацца валютнай выручкай. Таксама прапануецца адмяніць ліцэнзаванне грузаперавозак дробным транспартам.

Што датычыцца падатковых ільгот, то плацельшчыкаў адзінага гандлёвага збору ў частцы прыбыткаў, атрыманых ад рэалізацыі тавараў за мяжой, плануецца вызваліць ад выплаты падатку пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання, а таксама ад мясцовых падаткаў і збораў.