Урад зацвердзіў праграму статыстычных работаў на 2010 год

Праграма статыстычных работаў на 2010 год зацверджаная ў Беларусі. Такое рашэнне прынята пастановай Савета міністраў №1657 ад 17 снежня 2009 года, паведамляе БелаПАН. Па звестках прэс-службы ўрада, праграма распрацаваная "для забеспячэння своечасовай падачы дзяржаўным органам аб'ектыўных і актуальных зборных статыстычных звестак (інфармацыі) па пытаннях эканамічнага, дэмаграфічнага, сацыяльнага і экалагічнага становішча ў Беларусі".

Праграма ўпершыню зацвярджаецца Саўмінам (раней яна прымалася Белстатам) і з'яўляецца дзяржаўнай замовай ураду на падачу афіцыйнай статыстычнай інфармацыі для дзяржаўнага кіравання. Яна прадугледжвае інфармацыйнае забеспячэнне ходу выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2006—2010 гады, актаў кіраўніка дзяржавы, законаў, рашэнняў урада.

Статыстычнай інфармацыяй таксама забяспечваюцца суб'екты гаспадарання, сродкі масавай інфармацыі, навуковыя ўстановы, міжнародныя арганізацыі, фізічныя асобы. Такім чынам, кожныы карыстальнік можа азнаёміцца з праграмай статыстычных работаў, змешчанай на афіцыйным сайце Белстату, і атрымаць неабходную інфармацыю.