Усе беларускія баксёры згубілі магчымасць здабыць алімпійскія пуцёўкі

Учора на чэмпіянаце свету па боксе, які праходзіць у гэтыя дні ў Чыкага, адбыліся матчы 1/8 фіналу. У вагавой катэгорыі да 51 кг Бата-Манка Ванкееў прайграў пуэртарыканцу Маквільямсу Аройра – 17:23. Вазген Сафар’янц (вага да 60 кг) саступіў спартоўцу з КНДР Кім Сон Гуку — 18:19. Амерыканец Дыметрыус Андрадэ (вага да 69 кг) быў мацнейшым за нашага Магамеда Нурудзінава — 26:6.

Уваходжанне ў васьмёрку мацнейшых у гэтых катэгорыях гарантавала атлетам удзел у Алімпіядзе ў Пекіне. У цяжкіх вагавых катэгорыях алімпійскія ліцэнзіі прызначаліся толькі для прызёраў. Аднак беларусы прайгралі задоўга да фінальных паядынкаў.

У трэцім крузе вылецелі Рамазан Магамедаў і Магамед Абдусаламаў.

БелаПАН