Усе донары стануць магілёўскімі, каб абараніць свае правы

Беларускія донары аб'яднаюцца ў адзіную арганізацыю. Пра гэта “Еўрарадыё” паведаміў старшыня Магілёўскага аб'яднання донараў "Кропля жыцця" Ігар Каваленка. Заснавальнікам Беларускай арганізацыі донараў выступіць якраз "Кропля жыцця". Цэнтр арганізацыі і юрыдычны адрас будзе ў Магілёве, а прадстаўніцтвы -- ва ўсіх абласных цэнтрах. Такім чынам беларускія донары змогуць зэканоміць, каб не набываць юрыдычны адрас у кожным абласным цэнтры.

Ігар Каваленка
адзначае, што пасля таго, як магілёўскія донары вярнулі сабе льготы, многія донары з усёй краіны захацелі далучыцца да іх.

Каваленка:
"Усе донары іншых рэгіёнаў краіны пабачылі ў гэтым станоўчыя моманты для сябе, для сваёй сям'і, і далучыліся, пакуль неафіцыйна, да нашага донарскага руху".

Ігар Каваленка кажа, што яны вырашылі рэгістраваць рэспубліканскую арганізацыю, якая будзе займацца дабрачыннасцю і абараняць правы донараў па ўсёй краіне. Цяпер донары рыхтуюць дакументы і неўзабаве пройдзе устаноўчая канферэнцыя.

Магілёўская арганізацыя донараў — адзіная ў краіне, яна добраахвотніцкая, дабрачынная і не мае дзяржаўнай падтрымкі.