Ва Ўкраіне былыя байцы УПА могуць атрымаць статус ветэранаў вайны

Адпаведны законапраект падрыхтавалі дэпутаты з блоку Юліі Цімашэнкі. Але многія не могуць дараваць УПА тое, што яе байцы стралялі ў спіны савецкаму войску, якое ішло на Берлін
Вярхоўная рада Ўкраіны разгледзіць пытанне аб атрыманні байцамі УПА статусу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Падобны законапраект упершыню вынеслі на разгляд, прычым падпісалі яго адразу 7 дэпутатаў з блока Юліі Цімашэнкі.

Нагадаем, Украінская паўстанцкая армія была створаная ў 1943 годзе Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў, лідэрам якой быў Сцяпан Бандэра. Яна ваявала за незалежнасць Украіны супраць нямецкіх войскаў, а пасля і Чырвонай Арміі ды войскаў НКВД. Першыя аддзелы УПА былі ўтвораны ў Кобрынскім раёне ў канцы 1942 года, у Беларусі ўкраінскія паўстанцы дзейнічалі і ў паваенны час. Сярод іх былі і жыхары нашай краіны.

У законапраекце, у прыватнасці, гаворыцца:

"Дзяржава прызнае Ўкраінскае паўстанцкае войска, якое вяло нацыянальна-вызваленчую барацьбу за ўзнаўленне незалежнасці Ўкраінскай самастойнай дзяржавы, ваюючым бокам у Другі сусветнай вайне”. “На ваяроў УПА, што прымалі ўдзел у нацыянальна-вызваленчай барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў і/або якія праводзілі ўзброеную барацьбу з таталітарным рэжымам СССР за ўзнаўленне незалежнай украінскай дзяржавы, распаўсюджваецца статус удзельнікаў баявых дзеянняў".

Адзін з аўтараў законапраекта дэпутат Сцяпан Курпіль, лічыць што Вярхоўная Рада яго хутчэй за ўсё падтрымае:

"Я лічу, што гэта рэальна. Таму што фракцыя БЮТ будзе яго адзінагалосна падтрымліваць. Я спадзяюся, што ў гэтым выпадку "Наша Ўкраіна" і "Народная самаабарона" таксама адзінагалосна яго падтрымаюць".

Сцяпан Курпіль мяркуе, што таксама могуць далучыцца некаторыя дэпутаты з іншых фракцый, акрамя камуністаў.

Аднак ўкраінцы не зусім адназначна ўспрымаюць УПА. Тут грамадскае меркаванне падзяляецца прыблізна 50 на 50, кажа дэпутат з фракцыі БЮТ Віктар Швец. Не мае ён такога аптымізму і наконт прыняцця закона Радай. Працэнтаў 30, кажа, падтрымае дакладна. І гэта ўжо добры першы крок.

Віктар Швец: "Я лічу што шансаў не шмат, на жаль. Вярхоўная Рада, відаць, будзе мець трохі іншую пазіцыю ад нас. Але тым не менш гэта вельмі добры крок, каб законапраект стаў рэальнасцю. Я лічу, што на дадзеным этапе гэта добра, і можа прынесці поспех гэтай справе".

На думку дэпутата Сцяпана Курпіля, сёння многія жыхары Ўкраіны не маюць дастатковай інфармацыі пра ЎПА, таму ў грамадстве да яе ставяцца насцярожана:

"УПА гэта аналаг польскай Арміі Краёвай. Калі палякі прызналі Армію Краёвую, то чаму ўкраінцы не могуць мець такога права, прызнаць Украінскую паўстанцкую армію, як армію, якая ваявала за сваю дзяржаву? І яна, у адрозненне ад некаторых стэрэатыпаў, ніколі не мела ніякай калабарацыі з гітлераўцамі".

На погляд палітолага Юрыя Шаўцова, УПА не была ні прафашысцкай, ні антыфашысцкай. Яе ўдзельнікі былі звычайнымі нацыяналістамі, і іх можна было б зразумець, каб не той факт, што яны стралялі ў спіны савецкім салдатам. 

Юрый Шаўцоў: "УПА ваявала супраць войска антыгітлераўскай кааліцыі, а менавіта — савецкага войска. Можна зразумець нейкія матывы УПА, ідэолагаў, якія развязалі гэтую вайну. Але па факце мы маем, што калі савецкае войска ішло на Берлін, у спіну яму стралялі байцы УПА".


Фота: korrespondent.net