Ва Украіне праходзяць пазачарговыя парламенцкія выбары

Вярхоўная Рада была распушчаная 25 жніўня прэзідэнтам краіны Пятром Парашэнкам, які быў абраны на датэрміновых выбарах кіраўніка дзяржавы 25 траўня сёлета.

Выбары праходзяць паводле змяшанай сістэмы: палова дэпутатаў абіраецца па партыйных спісах, палова — паводле мажарытарнай сістэмы. Выбары не праводзяцца на часова акупаваных мажарытарных акругах Крыма і Севастопаля. Апроч таго, яны не адбудуцца ў 15 акругах Данецкай і Луганскай абласцей — у тых раёнах, якія кантралююцца сепаратыстамі.

У выбарах па партыйных спісах удзельнічаюць 29 партыяў, у спісы якіх уваходзіць 3 114 чалавек. Прахадны бар’ер складае 5%. У выбарах па аднамандатных акругах удзельнічаюць 3 556 кандыдатаў.

У Беларусі грамадзяне Украіны могуць прагаласаваць ва украінскай амбасадзе ў Мінску і ў генеральным консульстве ў Брэсце. У спісы для галасавання да датэрміновых парламенцкіх выбарах уключана каля 13 тысяч украінскіх грамадзян, якія жывуць і часова знаходзяцца ў Беларусі, паведамляе БелаПАН.