Ва Ўшацкім раёне браканьер застрэліў браканьера

Чацвёра сяброў-паляўнічых з Ушацкага раёна выправіліся палявяць на дзіка, не маючы адпаведнага дазволу.
Дарэчы, усе яны — сябры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Пакуль яны цягнулі забітага дзіка да машыны, адзін з паляўнічых, якому давялося несці стрэльбы, адбіўся ад сяброў і згубіў іх.

Пазней ён заўважыў нейкую вялікую цёмную постаць, што варушылася ў некалькіх дзесятках метрах. Паляўнічы вырашыў, што натрапіў на лася і схапіўся за стрэльбу.

Аднак гэта быў не лось, за жывёлу 36-гадовы мужчына прыняў сваіх жа сяброў, што валаклі дзіка. У галаву аднаму з іх і патрапіла куля. 40-гадовы мужчына загінуў на месцы.

У адносінах да забойцы распачатая крымінальная справа. Яму давядзецца адказваць за забойства, здзейсненае па неасцярожнасці. Таксама з траіх браканьераў, якія засталіся жывымі пасля палявання, будзе спагнаны штраф за забітага дзіка.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск