Вакаліст Godsmack выдае сольнік

Франтмэн амерыканскага хэві-мэтал гурта Godsmack Салі Эрна збіраецца выдаць сольны альбом. Яго калегі па камандзе зараз занятыя ў сайд-праекце Another Animal, таму Эрна і вырашыў ажыццявіць свае ідэі, якія не ўпісваюцца ў канцэпцыю Godsmack.

Рокер плануе прыступіць да запісу матэрыялу ўвесну будучага года і абяцае зрабіць штосьці цалкам не падобнае на хард-н-хэві.

Паводле словаў музыкі, "гэта будуць рытмы плямёнаў карэнных амерыканцаў, змяшаныя з блюзападобнымі вакаламі. Ёсць жаданне выпусціць на волю іншую музыку, і зусім не важна, хітовымі будуць песні і ці патрапяць яны на радыё”.

Эрна ўпэўнены, што гэты “сольнік спадабаецца ўсім, каму да душы акустычныя сінглы Godsmack "Voodoo" і "Serenity"”.

Тым часам, 4 снежня адбыўся рэліз складанкі Godsmack "Good Times, Bad Times...Ten Years of Godsmack", на які трапіў і кавер на аднайменную песню Led Zeppelin.

Нягледзячы на тое, што зараз усе ўдзельнікі гурта занятыя сайд-праектамі і ў творчасці Godsmack пачаўся застой, Эрна ўпэўнены, што паўза не зацягнецца надоўга. “І калі гурт засядзе за новую кружэлку Godsmack, то атрымаецца сапраўдны монстр!".

Фота: blogs.argusleadermedia.com