Валанцёры адшукалі зніклага пад Мінскам хлопца-інваліда
Валанцёры пошукава-выратавальнага атрада “Анёл” знайшлі хлопца, які знік увечары 3 верасня ля дачнага таварыства “Бусел” у вёсцы Гарошкі Мінскага раёна, што побач з “Лініяй Сталіна”. 24-гадовы Ігар Фукалаў знайшоўся жывым і здаровым.
Хлопец з дзяцінства мае інваліднасць у сувязі з асаблівасцямі інтэлектуальнага развіцця, таму кепска арыентуецца на мясцовасці. У чацвер увечары ён паехаў катацца на ровары, але заблудзіўся і не змог вярнуцца дадому. Малады чалавек пераначаваў на лаўцы пад дажджом, а на наступны дзень зноў паспрабаваў знайсці дарогу.
Валанцёры шукалі яго па ўсім дачным таварыстве — аглядалі ўсю прылеглую тэрыторыю, правяралі лякарні і вакзалы, апытвалі людзей, расклейвалі арыенціроўкі. У выніку Ігара знайшлі, калі ён ехаў на ровары ўздоўж дарогі.
Цяпер з хлопцам усё добра, хоць за суткі блуканняў пад дажджом ён напалохаўся і стаміўся, паведамляюць валанцёры-выратавальнікі на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.