Валейбалісты зборнай Беларусі двойчы перамаглі аўстрыйцаў у Еўралізе

Зборная Беларусі па валейболе атрымала трэцюю перамогу ў розыгрышы Еўралігі. Як паведамляе БЕЛТА, у матчах 2-га тура папярэдняга этапу ў групе С беларусы ў Магілёве двойчы былі мацнейшымі за гасцей з Аўстрыі і перамаглі з аднолькавым лікам — 3:1. У стартавым туры гэтыя каманды сустракаліся ў Вене і абмяняліся перамогамі: спачатку каманда Аўстрыі выйграла з тым жа вынікам 3:1, а потым нашы спартоўцы ўзялі рэванш — 3:2.

Пасля двух тураў беларускія і чэшскія валейбалісты маюць па 7 ачкоў, а партугальцы і аўстрыйцы набралі па 5 балаў. У наступным туры 20 і 21 чэрвеня нашыя спартоўцы будуць прымаць у Магілёве славакаў.