Венгрыя хоча зблізіцца з Расіяй, а Ісландыя перадумала ўступаць у ЕС

Брытанская The Independent распавядае пра палітыку венгерскага прэзідэнта Віктара Орбана, які, на думку выдання, хоча аддаліць сваю краіну ад Еўрасаюза і зблізіцца з Расіяй.

“Падаткі на карыстанне інтэрнэтам, абавязковае тэставанне падлеткаў, журналістаў і палітыкаў на наркотыкі, закрыццё ўсіх крам па нядзелях — наўрад ці чакаеш пачуць пра падобныя меры ад урада краіны, якая ўваходзіць у ЕС”, — піша газета.

Разам з гэтым Орбан хваліць мадэль кіравання ў Расіі, Турцыі і Кітаі і выказваецца за стварэнне “неліберальнай дзяржавы”.

У пятніцу ў Венгрыі адбыўся антыўрадавы пратэст пад сцягамі ЕС, накіраваны супраць палітыкі, якая праводзіцца Орбанам. Дэманстрацыя была арганізаваная рухам “Мост Мі”, які выступае супраць карупцыі і канцэнтрацыі ўлады ў руках аднаго палітыка. Але, нягледзячы на масавасць пратэсту, большую частку якога склала моладзь, крытыкі мяркуюць, што рух не мае дастатковай падтрымкі, каб што-небудзь супрацьпаставіць уплыву Орбана ў венгерскай палітыцы, адзначае выданне.

Der Spiegel піша, што да магчымага выхаду Грэцыі з еўразоны пасля выбараў 25 студзеня, у нямецкіх палітычных колах ставяцца цяпер больш спакойна, чым у пік пазыковага крызісу ў 2012 годзе.

Гатоўнасць адмовіцца ад ранейшай палітыкі “выратавання Грэцыі перадусім” шмат у чым тлумачыцца ўмацаваннем Еўразоны. Тады, у пік пазыковага крызісу, выхад Грэцыі мог выклікаць эфект даміно: пачаўся адток капіталу з іншых праблемных краін — Ірландыі, Партугаліі, Іспаніі, Італіі — і яны ў самыя кароткія тэрміны таксама маглі апынуцца на мяжы банкруцтва. У той сітуацыі выхад Грэцыі з еўразоны быў бы ўспрыняты многімі ўдзельнікамі фінансавага рынку, як пачатак распаду ўсёй еўразоны.

Незалежная інтэрнэт-газета, што асвятляе дзейнасць Еўрасаюза Euobserver піша, што Ісландыя плануе ў пачатку 2015 года афіцыйна адклікаць заяўку на ўступленне ў ЕС.

Па дадзеных выдання, такую заяву прэм'ер-міністр краіны Сігмюндзюр Давід Гюнлёйгсан зрабіў у эфіры радыёстанцыі Bylgjan. Для ажыццяўлення дадзенага кроку парламент Ісландыі павінен прыняць адпаведную пастанову.

Ісландыя падала заяўку на ўступленне ў Еўрасаюз у ліпені 2009 года на фоне цяжкага фінансавага крызісу. Аднак у 2013 годзе, пасля прыходу да ўлады ў краіне кааліцыйнага ўрада еўраскептыкаў на чале з вышэйназваным прэм’ер-міністрам перамовы былі прыпыненыя. Тым не менш, Ісландыя па-ранейшаму разглядаецца як краіна-кандыдат на сяброўства ў ЕС, паколькі заяўка на ўступленне не была адкліканая ў афіцыйным парадку.