Вера Страмкоўская: Пацярпелыя задаволеныя прысудам ДАІшнікам

Сёння стаў вядомы прысуд дваім супрацоўнікам ДАІ Кастрычніцкага раёна беларускай сталіцы, якія ў сакавіку спрабавалі спыніць п'янага кіроўцу з дапамогай "жывога шчыта" з машын з людзьмі. Суд Мінскага раёна і горада Заслаўе вызначыў ім пакаранне ў выглядзе двух гадоў умоўна з адтэрміноўкай выканання пакарання на 3 гады. Яны былі прызнаныя вінаватымі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, якое пацягнула за сабой пагрозу жыццю людзей. Абарона ж пацярпелых настойвала на пакаранні ДАІшнікаў у выглядзе пазбаўлення волі. Аднак, як кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё адвакатка Вера Страмкоўская, пацярпелыя задаволеныя прысудам.

Вера Страмкоўская: "Абскарджваць дадзены прысуд з-за яго мягкасці пацярпелыя не будуць. Таму што для нас важна было паставіць кропку ў адносінах дзяржавы праз службовых асобаў, якія парушалі правы і законныя інтарэсы грамадзян. Падаючы скаргу, мы разлічвалі на тое, што іх дзеянням будзе дадзеная адпаведная юрыдычная ацэнка, што і адбылося".