Верка Сярдзючка выступіць на "Еўрабачанні"

Украіна выбрала артыста, які паедзе ад краіны на конкурс «Еўрабачанне-2007». На ролю прадстаўніка ўкраінскай культуры прэтэндавалі сямёра выканаўцаў: спявачка Яўгенія Уласава, дуэт «НеАнгелы», оперны выканаўца Юрый Лук’яненка, яго калега па жанру Алена Грабянюк, гурт «Авиаторы», Васіль Бандарчук і Верка Сярдзючка.

Відаць, украінцы, натхнёныя прыкладам мінулагодніх пераможцаў – Lordi, вырашылі, што конкурс песні ператварыўся ў конкурс шоў, таму ў Фінляндыю ад краіны паедзе Сярдзючка.
Андрэй Данілка атрымаў максімальны бал ад журы і лідзіраваў, адарваўшыся на некалькі тысячаў галасоў ад сваіх канкурэнтаў падчас глядацкага галасавання.

І гэта нягледзячы на тое, што сёмага сакавіка на плошчы ў Кіеве праціўнікі Веркі Сярдзючкі спалілі яе пудзіла на знак пратэсту супраць яе жадання прадстаўляць Украіну.

Арганізатарамі гэтай акцыі сталі радыёстанцыя "Европа FM" і актывісты Кангрэсу ўкраінскіх нацыяналістаў пасля sms-акцыі сярод слухачоў радыё, якім прапанавалі дасылаць галасы супраць удзелу Сярдзючкі ў конкурсе.

Нагадаю, Украіна адзін раз перамагала ўжо ў "Еўрабачанні", калі яе прадстаўляла спявачка Руслана, пасля чаго конкурс праводзілі ў Кіеве.

А ў гэтым годзе 51-ы конкурс еўрапейскай песні адбудзецца з 10 па 12 траўня ў Хельсінкі. На гэты момант вызначыліся кандыдаты ад большасці іншых краінаў. Самым вядомым з іх з’яўляецца DJ Bobo, які будзе прадстаўляць Швецыю.

Дадам, што ў гэтым годзе ў «Еўрабачанні» возьмуць удзел рэкордная колькасць краін — 42, у тым ліку ўпершыню заяўленыя Чэхія і Грузія.

Фота: www.mk.ru