Ветэраны абурыліся назвай сайту "Беларускі партызан"

Газета "Рэспубліка" апублікавала ліст за подпісам старшыні Савета Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці Аляксандра Слабады. У лісце гаворыцца, што "ветэраны Вялікай Айчыннай вайны Мінскай вобласці глыбока абураныя блюзнерскім выкарыстаннем у назве недзяржаўнага электроннага СМІ святых для нас словаў "Беларускі партызан".

Выкарыстанне ў назве сайта словазлучэння "Беларускі партызан", па словах Слабады, "абражае ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны тым, што правакацыйныя матэрыялы, якія размяшчаюцца ў інтэрнэце пад гэтым загалоўкам, носяць ярка выяўлены, прадузяты, адкрыта антыбеларускі характар". Па сцвярджэнні аўтара ліста, інфармацыя, якая публікуецца на сайце, часцяком з'яўляецца хлуснёй, падзеі і факты з жыцця Беларусі "бессаромна скажаюцца".