Ветэраны паскардзіліся на адзіны сайт, які яны праглядаюць
Як распавёў Еўрарадыё кіраўнік ветэранскай арганізацыі Аляксандр Слабада, сайт “Беларускі партызан” ганіць Перамогу, піша няпраўду пра Вялікую Айчынную вайну
26 лютага газета “Рэспубліка” апублікавала адкрыты ліст групы ветэранаў, абураных назвай сайту “Беларускі партызан”. На іх думку, аўтары сайта “працягваюць спрабаваць перапісаць гісторыю” і “абражаюць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны тым, што правакацыйныя матэрыялы, якія змяшчаюцца ў Інтэрнэце пад гэтым загалоўкам, маюць ярка выяўлены перадузяты і адкрыта антыбеларускі характар”.
Таксама ветэраны вінавацяць “Беларускі партызан” у тым, што “рэдакцыя прадстаўляе трыбуну гэтак званым “незалежным палітыкам” і “экспертам”, якія жывуць побач з намі на беларускай зямлі і пры гэтым не саромеюцца абліваць брудам народ Беларусі, яго кіраўніцтва, свядома ігнаруюць поспехі, дасягнутыя за гады існавання Рэспублікі Беларусь, і ставяць знак роўнасці паміж словамі “партызан” і “апазіцыянер””. Аўтары адкрытага звароту адзначаюць асаблівы клопат пра іх з боку дзяржавы напярэдадні 65-годдзя Перамогі і заклікаюць грамадскасць падтрымаць іх.
Еўрарадыё паразмаўляла з Аляксандрам Слабадой, старшынёй Савету Мінскай абласной арганізацыі ветэранаў, пад чыім подпісам і быў апублікаваны зварот у “Рэспубліцы”.
Еўрарадыё: Калі вось так разабрацца, простымі словамі, у чым увогуле прычына звароту?
Аляксандр Слабада: Як у чым прычына? Таму што ганяць нашу Перамогу!..
— Хто ганіць?
…на Рэспубліку Беларусь, на наш працоўны народ! Хто гэта даў права, пытаюся!? Трэба пісаць праўду, толькі праўду.
— Зразумела…
А калі льюць бруд на нашага брата — таго, які абараняў Радзіму, адстаяў яе, уратаваў, аддаў жыццё за гэта — і яшчэ брудам нас абліваюць за гэта! За што, пытаюся!?
— Гэта Вы пра гэты сайт гаворыце, так?
Так.
— Я хацеў удакладніць: а адкуль Вам увогуле стаў вядомы гэты сайт? Гэта ўсё-ткі Інтэрнэт, а неяк вось моладзь больш па Інтэрнэце ходзіць…
Моладзь больш па Інтэрнэце ловіць і глядзіць.
— Ну а вось Вы адкуль даведаліся, вось вашае аб’яднанне?
Таксама даведаўся, а як жа ж! Абліваюць брудам. Таксама ж гляджу часам.
— То бок Вы таксама заходзіце ў Інтэрнэт, так?
Здараецца, так.
— Якія ўвогуле яшчэ сайты праглядаеце?
Маеце на ўвазе іх сайты? Не гляджу.
— Толькі вось адзін гэты?
Ну вось злавіў, усё паглядзеў. Ды гэта не толькі па сайтах…
— А як Вы лічыце, як увогуле карціна выглядае з Інтэрнэтам у нас? Ці гэта такі адзінкавы выпадак?
Не, дык гэта ж спецыяльна зроблена! Ну, каб абалваньваць нашу моладзь і гаварыць няпраўду пра Вялікую Айчынную вайну.
— А што там, напрыклад, пра вайну — няпраўда? Таму што я зараз адкрыў гэты сайт і пра вайну там увогуле нічога не знайшоў.
Ну вось было такое.
— А можаце прыгадаць прыкладна, што там такое?
Бог яго ведае.
— Не памятаеце так сходу, так?
Так. Але ж гэта не толькі мы — усе ветэраны так гавораць.
— Зразумела. То бок гэта агульны гнеў?
А зараз, у сувязі з 65-годдзем, да якога мы ідзем, адзначаць будзем яго — гэта ж апошні парад для нашага брата ўжо, 65 гадоў Перамогі. Самаму “маладому” салдату ўжо 88 гадоў.
— Зразумела. І вось такіх сталых людзей абражае гэты сайт, наколькі я разумею?
Так.
— Зразумела. А вось абражае ён нейкімі непраўдзівымі матэрыяламі пра вайну?
Так. Што мы не так ваявалі, што мы не так стралялі. Ваявалі мы правільна, стралялі мы метка — і перамаглі!
— Зразумела. Я вось хацеў яшчэ ў Вас, Аляксандр Іванавіч, такі момант удакладніць: колькі ў Вас у аб’яднанні былых партызанаў? Бо ёсць жа і былыя салдаты…
Я па рэспубліцы не магу сказаць, магу па вобласці сказаць.
— А ў вашым аб’яднанні колькі?
Зараз у нас усіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны 4170 чалавек. А партызанаў там траціна.
— Вы праз газету падалі зварот — што далей? Як далей будзеце адстойваць свой гонар?
Далей будзем наступаць і граміць.
— А якім чынам?
Ідэйна!
— А гэта як? Нейкія новыя звароты?
Ну, будзем дзейнічаць, як трэба.
— А вось калі канкрэтна?
Здавацца не будзем.
– Ну, гэта я разумею, Аляксандр Іванавіч, разумею…
Яшчэ раз паўтараю: здавацца не будзем! Будзем глядзець, як гэта будзе.
— Зразумела. То бок зараз будзеце чакаць і нейкай рэакцыі ад самога сайту?
Так.
***
На думку аднаго з аўтараў сайта “Беларускі партызан” Паўла Шарамета, у ліста насамрэч зусім іншыя аўтары і іншыя мэты.
Павал Шарамет: “Ну, мы нічога не будзем рабіць у адказ. Абсалютна відавочна, што ліст вось гэтых ветэранаў — гэта элемент барацьбы беларускіх уладаў супраць незалежных СМІ. У прынцыпе, мы даўно меркавалі, што чым бліжэй будуць выбары, тым мацнейшы будзе гэты ціск. Па сутнасці, абмяркоўваць гэты ліст бессэнсоўна, спрачацца з ветэранамі не трэба. Таму што іх рукой водзяць зусім іншыя людзі, у якіх абсалютна іншыя мэты, а не абарона памяці пра Вялікую Айчынную вайну”.
Дарэчы, з падачы ветэранаў у Мінску перайменавалі праспект Скарыны і Машэрава, а станцыя метро “Ракаўская” стала “Спартыўнай”, з крамы “Том Тэйлар” знікла шыльда з назвай, з тэлеэфіру прыбралі рэкламны ролік канцэрту “ВІА Гры”, а канцэрт Барыса Маісеева і зусім забаранілі.
Еўрарадыё пашукала на сайце "Беларускага партызану" матэрыялы,
прысвечаныя вайне. Вось, напрыклад, як рэдакцыя віншавала ветэранаў з
Днём Перамогі ў 2007 годзе:
"С Днем Победы, Беларусь!
«Белорусский партизан» поздравляет ветеранов Великой Отечественной
войны, тех, чьи деды и прадеды защищали мир от фашизма, всех белорусов
со светлым и печальным праздником – Днем Победы! Мы поздравляем всех,
для кого 9 мая - священная дата нашей истории, день нашей общей радости и
скорби".