Віцебск можа стаць горадам ільняных елак (фота)

Новы брэнд плануюць “раскруціць” у сталіцы “Славянскага базару”. Конкурс на самую крэатыўную ільняную елку, што быў абвешчаны ў Віцебску напярэдадні калядных і навагодніх святаў, меў вялікі поспех.
На выставе, што адчынілася ў краязнаўчым музеі, каля сотні елачак, прычым амаль палову з іх зрабілі “дзікія”, неарганізаваныя канкурсанты. Гэта справа рук навучэнцаў мастацкай школы, тэхнічнага каледжа, студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага універсітэту, рамеснікаў ды прафесійных дызайнераў.

У тое, што гэта менавіта елка, гледзячы на большасць экспанатаў, з першага погляду і не паверыш. Дужа ж крэатыўныя атрымаліся навагоднія дрэўцы! Варыяцыі на тэму елачкі самые разнастайныя — ад простага конусу з кавалку ільняной тканіны, на які нашытыя каляровыя гузікі, да складаных канструкцый-інсталяцый.

Вось вельмі патрыятычная елачка — “цукеркі” на ёй выключна ў чырвоных, зялёных ды белых “фанціках” ў колер дзяржаўнага сцяга. Вось нейкая мілітарызаваная — ільняныя ніткі цягнуцца ад жалезіны, што нагадвае снарад. Ёлкі можна вешаць на сцяну ці падвесіць да столі. Можна гуляць “елкамі” ў шахматы. Наведвальнікі выставы фатаграфаваліся з экспанатамі як хацелі — ў абдымку з елкай, пад елкай, самі ўваходзілі ў вобраз елкі...

Як паведаміла Таццяна Лапіна, адна з арганізатараў выставы, на будучы год плануецца правесці не проста конкурс, а кірмаш беларускай ільняной елкі ды ільняной цацкі. Спадарыня Лапіна лічыць, што лён павінны прысутнічаць ў жыцці беларуса не толькі ў летніх строях, але і на працягу ўсіх 12 месяцаў года. У прыватнасці, і ў выглядзе ільняной елачкі.

Таццяна Лапіна:"Я лічу што лён – гэта такі стратэгічны прадукт, які можа быць канкурэнтным на міжнародным узроўні. Іншаземцы калі прыязжаюць, яны ж вой, лён! у поўным захапленні. Таму трэба прыцягнуць увагу як з нізоў, так і зверху, бо з сувенірнай прадукцыяй вы самі ведаеце, як у нас ўсё “добра”, трэба падымаць гэтую справу".

Акрамя елак, на выставе было шмат варыянтаў дызайнерскай упакоўкі для навагодніх падарункаў.