Віцебскі міліцыянт у пошуках даверу завітае ў кожны дом

Віцебская міліцыя пачынае новую акцыю пад назвай “Крок насустрач”. Сэнс акцыі ў тым, што цягам года да кожнага грамадзяніна, незалежна ад узроўня ягонай законапаслухмянасці, завітае міліцыянт.  Супрацоўнік міліцыі правязде з грамадзянінам размову “пра жыццё”, раскажа аб тым, як праваахоўныя органы шукаюць злачынцаў, распытае, чаго не хапае чалавеку, якія ён мае пажаданні да міліцыянтаў. Карацей, міліцыя памкнецца ўсталяваць з грамадзянамі сяброўскія адносіны.

Але гэта толькі з "нармальнымі" грамадзянамі. Калі міліцыянт прыйдзе ў хату і пабачыць, што там п’юць, б’юцца ды лаюцца, сябраваць з такімі людзьмі ён не будзе, а прыме "адпаведныя меры".

“Крок насустрач” жыхарам Віцебшчыны міліцыя вырашыла зрабіць пасля таго, як падсумавала мінулагоднюю статыстыку. Аказалася, што давер да міліцыі ў вобласці знізіўся на два адсоткі. Асабліва не любяць міліцыянтаў на Шуміліншчыне — толькі 26 адсоткаў грамадзян давяраюць праваахоўным органам.

Але акцыя “Крок насустрач” пачнецца не з Шуміліна, а з Шаркаўшчыны. Там ўжо пачалі хадзіць па хатах. Пасля Шаркаўшчыны адпрацуюць іншыя райцэнтры, буйныя вёскі ды сам абласны цэнтр.