Віцебскі завод “Мегом” абанкруціўся, выконваючы загад прэзідэнта?

Гаспадарчы суд Віцебскай вобласці вырашыў прызнаць банкрутам завод “Мегом”. Гэта прадпрыемства існуе з 1968 года і працавала калісьці на абарончую прамысловасць Савецкага Саюза.

У 1995 годзе аб’ёмы вытворчасці знізіліся ў 50 разоў, і прадпрыемства пачало шукаць выйсце з неспрыяльнага становішча. На “Мегоме” распачыналі вытворчасць шклопакетаў, бытавых электрапрыбораў, пластыкавых цацак ды іншых тавараў. Завод пачаў выбірацца з крызіснага становішча.

Аднак у 2008 годзе, выконваючы распараджэнне прэзідэнта “Аб развіцці фармацэўтычнай прамысловасці Віцебска”, мясцовыя ўлады аддалі амаль усе аб’екты нерухомасці “Мегома” дзяржпрадпрыемству “БелВітуніфарм”.

У выніку цяпер завод вымушаны арэндаваць свае былыя памяшканні і выкладваць за гэта немалыя грошы. Працэдуру банкруцтва вырашана пачаць, на прадпрыемства прызначаны антыкрызісны упраўляючы.