Віцебскія БРСМаўцы маюць свой працэнт з іншаземцаў

Амаль адзін працэнт з колькасці сяброў арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце складаюць іншаземцы. Полінацыянальны склад сучаснага беларускага камсамолу даследавала нашая віцебская карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“Сярод сяброў БРСМ не браты-расіяне ды ўкраінцы, а прадстаўнікі далёкіх, нават экзатычных краін. Іх тут болей за дзесятак. Ёсць БРСМаўцы з Лівана, Іарданіі, Індыі, Рэспублікі Шры-Ланка. Смуглявыя хлопцы і дзяўчаты – сапраўдныя члены арганізацыі. Як і іх беларускія сябры, маюць білеты, з іх спаганяюць складкі.


Намеснік кіраўніка студэнцкай арганізацыі БРСМ Уладзіслаў Дзяркач іншаземнымі чальцамі задаволены. Кажа, што яны актыўныя і безадмоўныя, удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах.


Самі ж індусы ды іарданцы палітычнага складніка гэтай моладзевай арганізацыі не заўважаюць. Ім проста падабаецца разам з усімі ладзіць канцэрты ды удзельнічаць у дабрачынных акцыях. Для некаторых гэта – новы досвед.


А вось у Віцебскім дзяржаўным універсітэце, дзе навучаюцца кітайскія студэнты, нашаму тэлефанаванню здзівіліся. Маўляў, мы кітайцам нават не прапаноўваем у БРСМ запісвацца, бо гэта супярэчыць статуту арганізацыі. А ў мерапрыемствах яны і так удзельнічаюць – і спяваюць, і малююць, і дрэвы садзяць.


Высветлілася, што у медыцынскім універсітэце проста кіраўніцтва БРСМ больш вынаходлівае. Сапраўды, іншаземныя грамадзяне не могуць быць сябрамі БРСМ. Але, з другога боку, сябрам БРСМ можа быць той, хто пражыў у краіне не меней як шэсць гадоў. Вось у медыцынскім універсітэце і рэкрутуюць у БРСМ іншаземцаў-старшакурснікаў.


Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск”.