Віцебскія хакеісты разграмілі мінскіх “дынамаўцаў”

Дзевяты тур чэмпіянату Беларусі па хакеі ў экстралізе азнаменаваўся буйным паражэннем дзейнага чэмпіёна мінскага "Дынама" ў Віцебску ад аднайменнага клуба — 1:5. Няўдачы пераследуюць і сталічнае "Юнацтва", якое ўступіла ў гасцях наваполацкаму "Хіміку-СКА" — 2:3. Гэта трэцяе паражэнне каманды Міхаіла Захарава ў чатырох апошніх матчах. Мінскі "Керамін" узмацніў лідэрства, узяўшы верх дома над "Брэстам" — 4:2.

Яшчэ ў адной сустрэчы магілёўскае "Хімвалакно" ў авертайме ўступіла на сваёй пляцоўцы гродзенскаму "Нёману" — 2:3. Напярэдадні "Гомель" прайграў жлобінскаму "Металургу" — 2:6.

Становішча каманд:

1.    "Керамін" — 22 ачкі,
2.    "Віцебск" — 19,
3.    "Юнацтва" — 17,
4.    "Хімвалакно" — 15,
5.    "Хімік-СКА", "Нёман" — па 13,
6.    "Дынама" — 12,
7.    "Металург" — 11,
8.    "Гомель" — 10,
9.    "Брэст" — 3.

10-ты тур, які стане першым у другім крузе, пройдзе 30 верасня — 1 кастрычніка.

БелаПАН