ВІЧ-пазітыўная дзяўчына прэзентуе выставу ў Брэсце

Арт-праект “Дзверы?!” наведалі за дзевяць дзён тысячы жыхароў Заходняй Беларусі. Яго прывезла хворая на СНІД Наста, якая заразілася ва ўзросце 18 гадоў.  Такі быў вынік двухгадовага рамана з жанатым, старэйшым за яе на 10 гадоў мужчынам. Цяпер ёй 28. Працуе ў Маскве ў адмысловым міжнародным праекце па барацьбе з СНІДам.

Яе каханак за гэты час памёр, як і ўсе яго сямейнікі. А Наста намагаецца дзейнічаць на карысць другіх і сама шукае сябе ў зусім іншым фармаце жыцця. Выстава-інсталяцыя “Дзверы?!” — гэта якраз вынік такіх намаганняў і пошукаў.

Выстава праходзіць пад эгідай Беларускага Чырвонага Крыжа і пры падтрымцы  Аб’яднанай праграмы ААН па ВІЧ\СНІД “ЮНЭЙДС” і адміністратыўнай падтрымцы Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь. Выстава была да гэтага ў Гомелі. Брэст — гэта другі і апошні пункт прыпынку ў Беларусі.