Віцяблянін зарабляў грошы на гульні рабаўніцтвам

Адразу два рабаўніцтвы здзейніў 32-гадовы жыхар Віцебску за адзін дзень. У суботу, 19 снежня, ён напаў на касіра ў зале гульнявых аўтаматаў. Пагражаючы дзяўчыне нажом, ён патрабаваў аддаць яму выручку. Ўвечары той жа мужчына з нажом уварваўся ў гандлёвы павільён, але тамтэйшая прадавачка ўзняла вэрхал, і рабаўнік збег. Высветлілася, што мужчына здзейсніў злачынства, каб здабыць грошы на гульню ў аўтаматы. З раніцы ён прайграў 100 тысяч рублёў, якія жонка дала яму на прадукты. “Здабыўшы” 139 тысяч з нажом ў руках, ён прагуляў у аўтаматы і гэтыя грошы. Апошняя спроба “адыграцца” скончылася няўдала.

Рабаўніка знайшлі па прыкметах. Касірка пазнала яго на стужцы камеры відэаназірання, што месціцца на вуліцы.

Цяпер мужчына затрыманы, яму пагражае пазбаўленне волі ад 6 да 15 год. Цікава, што залежнасць ад гульні сфармавалася ў яго за лічаныя дні. У верасні мужчына першы раз паспрабаваў гуляць у аўтаматы, і амаль адразу жаданне выпрабаваць фартуну стала непераадольным. Усяго ён прагуляў 3 мільёны рублёў з сямейнага бюджэту.

Дарэчы, затрыманы раней ніколі не меў непрыемнасцяў з законам, мае добрую працу, жонку і дваіх маленькіх дзетак.