Віцяблянка ўжо тыдзень жыве пад поліэтыленам замест даху

Праўда, у ЖЭУ кажуць, што снег некалькі разоў за зіму чысцілі.

Пад дзіркай апынулася кватэра, у якой жыве 82-гадовая Вера Ульянава. Калі дах абрынуўся, бабулі не было дома. Калі яна прыйшла дадому, то ўбачыла, што са столі льецца вада. Бабуля дагэтуль сушыць коўдры, матрацы, падушкі і цешыцца, што цудам не заліло ўнукаў кампутар. Столь не абрынулася, толькі працякла. А вось замест даху над кватэрай Веры Ульянавай — вялізная зацягнутая поліэтыленам дзірка.

У ЖЭУ абяцаюць цягам гэтага тыдня пачаць рамонт. Кажуць, новы дах будзе прыгожы, металічны, прастаіць доўга. Бабулі застаецца толькі маліцца, каб за той час з неба нічога не сыпалася. Хаця дождж, запэўнілі камунальнікі, праз поліэтылен не працячэ.

Дарэчы, у доме №30, як паскардзіліся жыхары, ніхто наогул не памятае, каб рабілі капітальны рамонт. А дому ўжо 67 гадоў. І такіх дамоў, пабудаваных яшчэ да Другой сусветнай вайны ці адразу пасля яе, на балансе ЖЭУ-18 даволі шмат. І невядома, у якім з іх і калі адбудзецца наступнае надзвычайнае здарэнне.