Віка Мароз не атрымала дазволу на адпачынак у Італіі

Беларускую сірату Віку Мароз не выпусцілі на вакацыі ў Італію. Пра гэта паведаміла італьянская прэса.

11-гадовая дзяўчынка збіралася вылецець з Мінску ў Італію на запрашэнне сужэнцаў Алесандра Джуста і Марыі К’яры Барначын 2 жніўня. Аднак з мінскага аэрапорту яе не выпусцілі.

Нібыта, для выезду Вікі за мяжу не былі прадстаўленыя неабходныя паперы і юрыдычныя гарантыі.

Нагадаем, да мінулага года выхаванка вілейскага інтэрната Віка Мароз неаднаразова прыязджала ў італьянскі горад Кагалета да сям’і Джуста-Барначын. Аднак летась сямейная пара вырашыла не аддаваць сірату назад у інтэрнат і схавала яе ў Альпах.

Алесандра Джуста і Марыі К’яры Барначын сцвярджалі, што дзяўчынка стала ахвярай фізічнага і сексуальнага гвалту на радзіме. Паліцыя адшукала Віку Мароз і яна была вернутая ў Беларусь.

Беларускія органы апекі ўладкавалі яе ў сям’ю жыхароў Жодзіна Васілеўскіх, дзе ўжо выхоўваўся яе старэйшы брат. Паводле беларускіх законаў, сіроты, якія ўладкаваныя ў адну сям’ю разам з братамі і сёстрамі, не падлягаюць міжнароднаму ўсынаўленню.

Радыё Свабода