Віктар Дробыш адабраў акрэдытацыю ў намесніка Юрыя Азаронка
Калдун няўдала праспяваў на генеральнай рэпетыцыі. Афіцыйны прадзюсар Калдуна Віктар Дробыш адабраў акрэдытацыю ў намесніка кіраўніка дэлегацыі Беларусі на «Еўрабачанні-2007» Канстанціна Пагоцкага. Напярэдадні Дробышу сапсавала настрой акрэдытацыя, якую яму выдалі ў прэс-цэнтры — катэгорыі «Р» (журналіст). Праз суткі ён адабраў таблічку «D1» у намесніка Азаронка, які зараз не можа выконваць свае абавязкі. Пра гэта паведамляе сайт http://eurovision.by
Дарэчы, па звестках Першага музычнага канала, на генеральнай рэпетыцыі Дзмітрый Калдун выступіў няўдала. І калі будуць праблемы з трансляцыяй «Еўрабачання», дык гледачам пакажуць менавіта гэты яго выступ.
Тым не менш букмекеры высока ацэньваюць шансы Калдуна на перамогу. Прынамсі, знакамітая букмекерская кантора WillamHILL ставіць беларуса на другое месца ў паўфінале, і на трэцяе — у фінале «Еўрабачання».
Калі на перамогу Беларусі ў "Еўрабачанні" паставіць 100 еўра, выйгрыш можа скласці 800 еўра. Для параўнання: паставіўшы 100 еўра на Чэхію, можна атрымаць 20 тысячаў.
Дарэчы, паводле прагнозаў букмекераў Калдун саступае ўкраінскай Верцы Сярдзючцы і Сербіі. Расійскі гурт "Серебро" на 6-м месцы.
Фота — eurovision.by