Віктар Малішэўскі намінуецца на "Блог Рунета 2011"

Блог Віктара Малішэўскага трапіў у 10 лепшых у намінацыі "Блог як СМІ" конкурса "Блог Рунета 2011". Сярод канкурэнтаў беларускага "антыжурналіста" блог Сухумі, сайт lifehacker.ru, "Интернетные штучки" і нават "Регби наша игра!". Да моманту, калі з 10 фіналістаў будзе абраны адзін пераможца, засталося 2 дні галасавання.

У прамым эфіры Еўрарадыё Малішэўскі распавёў, як даведаўся пра намінаванне і выказаў меркаванне, чаму трапіў у дзесятку лепшых:

"Мне прыйшло паведамленне на блог, што я намінаваны. Гэта было некалькі тыдняў таму, там была вялікая намнацыя насамрэч... У кожнай намінацыі было па 50 удзельнікаў, а зараз яны нейкім чынам выбралі 10 лепшых. Я туды трапіў. Мяркую, што мяне ўключылі туды выключна таму, што я ў траўні патрапіў у намінацыю "Лепшы рускамоўны блог Свету". Атрымліваецца за старыя заслугі".

Сярод астатніх намінаваных на "Блог як СМІ" Віктар Малішэўскі вылучыў між іншым блог Сухумі. І адзначыў, што гэты блог быў вельмі папулярны падчас грузінска-расійскай вайны. Але, на думку сп. Малішэўскага, патрапіць у такую намінацыю — гэта негатыўны досвед:

"Я лічу, што не добра, калі блог трапляе ў такія намінацыі. Гэта наадварот уплывае у негатыўны бок, калі ты намінаваны, дык пачынаеш думаць іншымі катэгорыямі. Пісаць, сыходзячы з таго, што цябе будзе журы нейкае чытаць, ацэньваць, параўновываць. І гэта, канечне, забівае блогерства — змяняе і стыль падачы, змяняе і тэматыку. Пачынаеш адмаўляцца ад нейкіх тэмаў, пачынаеш прадумваць нейкія тэмы, якія могуць стаць топавымі. Для мяне гэта негатыўны досьвед".

Вынікі конкурса "Блог Рунета-2011" будуць падведзеныя 10 лютага падчас аб'яднанай канферэнцыі i-COMference 2011 — сацыяльные сеткі і інтэрнэт-СМІ.

Фота: ezerin.com