Вікторыя Азаранка пачала з перамогі выступ на US Open

Беларускія тэнісісткі па-рознаму стартавалі на адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе ў Нью-Ёрку. Як інфармуе БЕЛТА, на кортах "Флэшынг Медоўз" найлепшая з беларусак Вікторыя Азаранка ў першым раўндзе адзіночнага разраду абыграла румынку Моніку Нікулеску – 6:0, 5:7, 6:1. Наступнай саперніцай нашай суайчынніцы будзе аргенцінская спартоўка Гізела Дулко, якая перамагла на старце немку Ангеліку Кербер – 6:3, 6:1.

Беларуска Вольга Гаварцова ў першым крузе не змагла на роўных супрацьстаяць расіянцы Алене Дзяменцьевай – 1:6, 2:6.

У парным разрадзе Вікторыя Азаранка згуляе ў дуэце з расіянкай Дзінарай Сафінай, Дар'я Кустова будзе выступаць разам з яшчэ адной расійскай спартоўкай Алай Кудраўцавай. Партнёркай Вольгі Гаварцовай будзе Чыя-Джунг Чуанг з кітайскага Тайпея, а кампанію Кацярыне Дзегалевіч складзе яшчэ адна беларуска Таццяна Пучак.