Вікторыя Азаранка пакідае парны разрад Australian Open

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка завяршыла выступ у парным разрадзе Australian Open, паведамляе БЕЛТА. 26 студзеня на мельбурнскіх кортах беларуска разам з расіянкай Святланай Кавалёвай у матчы 1/8 фіналу прайграла першай пары турніру Кара Блэк (Зімбабвэ) – Лайзэл Хубер (ЗША) у двух сэтах з аднолькавым лікам 3:6.

Зараз найлепшая беларуская тэнісістка, якая займае 7-е месца ў сусветным рэйтынгу, засяродзіцца на падрыхтоўцы да чвэрцьфінальнага паядынку адзінкавага разраду. Там яе суперніцай будзе першая ракетка планеты амерыканская Сэрэна Ўільямс. Пераможца гэтай сустрэчы ў паўфінале згуляе з пераможцай матчу кітаянкі На Лі (17) і старэйшай з сясцёр Уільямс (6). Адзначым, што на леташнім Australian Open Вікторыя і Сэрэна сустракаліся ў 1/8 фіналу, і тады беларуска саступіла, не здолеўшы дайграць матч у другім сэце, бо моцна занядужала. Сэрэна Ўільямс 4 разы выйгравала Australian Open, у тым ліку і летась.

Турнір у Мельбурне, прызавы фонд якога складае $21,15 млн, фінішуе 31 студзеня.