Вікторыя Азаранка прайграла першай ракетцы свету Сэрэне Ўільямс

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка (7-е месца ў рэйтынгу) завяршыла выступ на адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі, паведамляе БелаПАН. 27 студзеня ў чвэрцьфінале адзінкавага разраду яна прайграла першай ракетцы свету, чатырохразовай пераможцы Australian Open (2003, 2005, 2007, 2009) амерыканцы Сэрэне Ўільямс — 6:4, 6:7 (4:7), 2:6.

Азаранка была ў двух геймах ад выхаду ў паўфінал, ведучы ў ліку 6:4, 4:0, аднак суперніца перахапіла ініцыятыву, вырваўшыся наперад 5:4. На тай-брэйку беларуска вяла 3:1, але і тут не ўтрымала перавагу.

Статыстыка сустрэчы: брэйк-пойнты: 5/13:6/13 на карысць Уільямс, эйсы — 1:17, падвойныя памылкі — 5:1, нязмушаныя памылкі — 24:38. Матч працягваўся дзве з паловай гадзіны.

Агульны лік сустрэч Азаранкі і Ўільямс-малодшай стаў 4:1 на карысць амерыканкі. Для беларускай спартоўкі выхад у чвэрцьфінал стаў найвышэйшым дасягненнем на гэтым турніры.