Вінцук Вячорка: Мы расколем уладу на групы і пачнем з імі перамовы

У Мінску праходзіць X з’езд Партыі БНФ. Нагадаем, адным з галоўных пытанняў, якое будзе разглядаць з’езд, - гэта выбары партыйнага кіраўніцтва.  На пасаду старшыні пртэтэндуюць цяперашні кіраўнік Вінцук Вячорка (ён кіруе Партыяй БНФ з 1999 года), намеснікі старшыні Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч.

Алесь Міхалевіч выступіў з крытыкай дзейнасці Вінцука Вячоркі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года.

На яго погляд, Вячорка “не змог скарыстаць дасягнутыя падчас выбарчай кампаніі 2006 года перавагі і адмовіўся ад далейшага цеснага супрацоўніцтва з палітыкам Мілінкевічам”. А гэта было для партыі “стратэгічна важна”, лічыць Міхалевіч.

У сваім выступе Віктар Івашкевіч крытыкаваў Аляксандра Мілінкевіча, які “зацягнуў правядзенне Кангрэса дэмсілаў”. На думку Івашкевіча, “Еўрапейскі марш”, які прайшоў у Мінску 14 кастрычніка, стаў “выратаваннем для дэмакратычных сілаў”.

Вінцук Вячорка падвёў вынікі дзейнасці партыі за апошнія два гады і ацаніў яе станоўча. Цяпер “наступае новы палітычны час”, лічыць Вячорка. На наступных прэзідэнцкіх выбарах будзе выстаўлены кандыдат-фронтавец, заявіў ён.

Вячорка прапанаваў аб’яднаць вакол Партыі БНФ усе незалежніцкія сілы і зрабіць 2008 год годам адстойвання незалежнасці Беларусі.

Таксама старшыня Партыі БНФ выказаў думку, што падчас выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў у 2008 годзе фронтаўцы прымусяць ўладу раскалоцца на групы і “пачаць перамовы з імі пра выратаванне незалежнасці ад расійскага імперыялізму”.

БелаПАН