Віталь Коваль хоча знайсці кансенсус з кіраўніцтвам мінскага “Дынама”

Варатар хакейнай зборнай Беларусі Віталь Коваль разлічвае дамовіцца з кіраўніцтвам мінскага “Дынама” пра новыя ўмовы кантракту, паведамляе БЕЛТА. Раней расійскія СМІ паведамлялі, што галкіпер пакідае каманду. Віталь Коваль не пагадзіўся з тым, што кіраўніцтва “Дынама” вырашыла перагледзіць умовы яго кантракту. Так, выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара хакейнага клуба “Дынама-Мінск” Аляксей Торбін заявіў аб прыярэтытах бонуснай сістэмы аплаты: заробкі хакеістаў у новым сезоне павінны залежаць ад якасці іх гульні. Заробак галкіпера, які яму прапанавалі паводле новых умоваў, быў удвая ніжэйшым за ранейшы.
 
Цяпер хакеіст знаходзіцца на адпачынку. Па вяртанні ў Мінск ён мае правесці перамовы з кіраўніцтвам клубу і прыйсці да кансенсуса. Віталь Коваль выступаў у мінскім “Дынама” цягам усяго двух сезонаў, калі каманда гуляла ў Кантынентальнай хакейнай лізе.

У дэбютным чэмпіянаце ён правёў 30 матчаў, адбіў 89,6% кідкоў і прапусціў у сярэднім 2,95 шайбы за гульню. У мінулым турніры ён згуляў 22 сустрэчы, адбіў 90,2 кідка і прапусціў 2,67 шайбы за матч. Акрамя таго, Віталь Коваль абараняў вароты зборнай Беларусі на трох папярэдніх чэмпіянатах свету.