Віталь Коваль можа сысці з мінскага "Дынама"

Адзін з трох варатароў мінскага "Дынама" Віталь Коваль можа сысці з клуба. Па словах галкіпера, "у яго з'явілася новая прапанова ад іншай каманды". Як адзначае сайт "зуброў", гэта прапанова ідзе ў разрэз з умовамі кантракту, узгодненага папярэдне з варатаром. А паколькі пакуль бакі не здолелі дамовіцца, то Коваля вырашылі не браць на турнір імя Бяляева ў Чарапавец. Заўважым, што згодна з рэгламентам КХЛ, пытанне наконт пераходу застаецца адкрытым да самага пачатку чэмпіянату. Таксама ў Чарапавец не паедзе Віктар Касцючонак, які аднаўляецца пасля ўдару спіны.

А ў межах партнёрскай дамовы з мінскім "Юнацтвам" у "Дынама" выкліканы нападаючы Аляксандр Бараўкоў. Бараніць вароты на турніры будуць Андрэй Мезін і Міка Окса. Да каманды таксама далучыцца абаронца Андрэй Антонаў.

Нагадаем, турнір памяці Бяляева пройдзе ў Чарапаўцы з 2 па 4 верасня. "Зубры" згуляюць супраць мясцовай "Северсталі", пецярбургскага СКА і яраслаўскага "Лакаматыва".