Вольга Абрамава: Мае выбаршчыкі стыхійна пратэстуюць

Цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава нечакана не патрапіла ў лік новаабраных дэпутатаў. Вынікамі выбараў па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108 была здзіўленая не толькі яна, але і яе выбаршчыкі, якія пачалі пратэставаць і нават стварылі стыхійны "Камітэт па абароне дэпутата Абрамавай". Яны плануюць абыйсці ўсе кватэры і запытацца, за каго галасавалі людзі. Паводле афіцыйных звестак, Вольга Абрамава набрала толькі 30% галасоў (спачатку называлася лічба 24%) і прайграла галоўнаму вучонаму сакратару Нацыянальнай Акадэміі навук Мікалаю Казаку.

Вольга Абрамава
: "Я, вядома, не думала, што настолькі дзіўная будзе выстаўленая лічба".

Паводле Абрамавай, атрымліваецца, што, калі верыць такім вынікам галасавання, людзі не падтрымалі яе за ўсё тое добрае, што яна ім зрабіла:

"Што ім глыбока агіднае ўсё, што я зрабіла. Тое, што я - адзіная, якая галасавала супраць адмены льготаў, і тое, што я прапаноўвала вярнуць усе сацыяльныя гарантыі, і тое, што я дамагалася для пенсіянераў льготнага праезду ў дачны перыяд".

Пакуль яшчэ дэпутат Вольга Абрамава працягвае гэты пералік, які, сапраўды, уражвае. І тое, што людзі ў яе акрузе не збаяліся пратэставаць, пацвярджае ейныя словы.

Вольга Абрамава: "Тое, што людзі настолькі былі раз'юшаныя, што так абыходзяцца з іх меркаваннем, гэта мяне здзівіла. І гэта людзі, якія ў сваёй большасці былі заўсёды за ўладу".

Цяпер Абрамава падбадзёрвае сваіх выбаршчыкаў і абяцае ім, што на працягу бліжэйшых чатырох гадоў будзе ім дапамагаць на грамадскіх пачатках:

"Пасля 1996 года, калі я была адлучаная ад выканання дэпутацкіх абавязкаў пасля канстытуцыйнага рэферэндума (праз 10 месяцаў пасля абрання дэпутатам), я чатыры года працягвала на грамадскіх пачатках вельмі актыўна працаваць у сваёй акрузе".

Фота - photo.bymedia.net