Вольга Чайчыц: Пратаколы на затрыманых складаліся "пад капірку"
Як паведаміла ў жывым эфіры Еўрарадыё маці гадавалага дзіцяці Вольга Чайчыц, віну прызналі ўсім затрыманым на вулічнай акцыі ў Мінску. У пратаколах затрымання супрацоўнікі ізалятара на Акрэсціна пісалі ўсім аднолькава: "прымаў (прымала) актыўны удзел у несанкцыянаванай акцыі, выкрыкваў (выкрыквалала) лозунгі "Жыве Беларусь", "Сыходзь". На шматлікія патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі разысціся не рэагаваў (не рэагавала)".
Большасць ў пратаколе пісалі, што сваёй віны не пацвердзілі і напісалі, што аказаліся ў той час і ў тым месцы выпадкова. Якраз такія пратаколы і сталі доказам віны у час суда.
Чайчыц: "Я папрасіла сабе дзяржаўнага адваката. Тая мне сказала, што калі я не хачу сядзець, ні ў якім разе не прызнаваць сваёй віны. У пратаколе я таксама яе не прызнала. А ў пастанове суда гаворыцца, што віна даказана на аснове пратакола".
Мне далі штраф 1 мільён 50 рублёў. І сказалі, што так мала, бо ў мяне вельмі малы прыбытак (дапамога па даглядзе за дзіцём). Іншым давалі па 50 мінімалак (1 млн 750 тысяч рублёў).
Паводле слоў Чайчыц, штрафы давалі толькі ў выключных выпадках. У асноўным усіх каралі на тэрмін ад 10 да 15 сутак арышту.
Чайчыц: "Міліцыянерка, якая мяне там вадзіла, сказала, што штрафы давалі толькі жанчынам у выключных выпадках, маці малых дзяцей і г. д. Хлопцаў усіх — ад 10 да 15 сутак".
Вольга Чайчыц адзначыла, што, магчыма, ужо сёння можна будзе перадаваць перадачы для затрыманых і ім спатрэбяцца найперш ежа і прадметы гігіены.