“Воплі Відаплясава” прагучалі над Мірскім замкам

Тысячы людзей, нягледзячы на моцны дождж і бруд, весяліліся на бясплатным канцэрце ўкраінскіх зорак.
Ні надвор’е, ні страшэнны бруд на пад’ездах да замка, ні мокрая трава, ад якой ногі прамоклі адразу пры першых кроках на дарозе да замка – нічога не спыніла сотні машын з людзьмі з розных гарадоў па дарозе ў горад Мір. Тэлеканал АНТ паклікаў беларусаў паглядзець на ўкраінскі гурт жыўцом, адзначыць набліжэнне сапраўднага астранамічнага лета і проста надыход выхадных.



Узровень бяспекі месца правядзення канцэрта ўразіў – міліцыя, спецназ і нават ваенныя са сваімі моцнымі пражэктарамі, што свяцілі ад гарызонта да гарызонта праз усё неба. Былі арганізаваныя шматузроўневыя пункты дагляду: на месца канцэрта не дазвалялася праносіць вадкасці і іншыя забароненыя рэчы. Але, нягледзячы на гэта, афіцыйна арганізаванае свята праходзіла ў стандартным рэжыме: “не пускаеце з півам – вып’ю залпам", таму п’яных была пераважная большасць. 



Але ж усе тыя, хто спяшаўся патрапіць на канцэрт і патанчыць на танцполе вымушаныя былі вяртацца дамоў ні з чым: аказалася, што на танцпол былі квіткі (!), якія былі распрададзеныя нашмат раней, таму толькі шчасліўчыкі (каля 500 чалавек) танчылі для камер дзяржаўнага тэлебачання. Акрамя канцэрту на пляцоўцы ля замка гандлявалі напоямі, ежай ды сувенірамі, таму рэшта прысутных ела, але ў асноўным піла. Людзі фатаграфаваліся на фоне моцна падсветленага замка, а потым, стомленыя, ішлі адпачываць у свае машыны да світання.