«Воплі Відоплясова» павязуць у Маскву маладыя гурты

Гурт «Воплі Відоплясова» выпусціў анталогію творчасці ў фармаце mp3 на прыватным незалежным лэйбле «Краïна Мрiй». Гэта другое арыгінальнае выданне лэйбла пасля новага альбому «ВВ» «Були деньки». На два дыскі, акрамя нумарных рэлізаў, трапілі ўсе афіцыйныя сінглы, першы канцэртнік «Або-або», а таксама эксклюзіўны акустычны альбом «Закустика», які складаецца з «вэвэшных» і народных песень, запісаных “Воплямі” ў Парыжы ў 1993 годзе, і старыя варыянты шматлікіх вядомых кампазіцыяў, якія раней не выдаваліся.

Па словах лідэра і вакаліста гурта Алега Скрыпкі, «першы дыск прысвечаны дзесяцігадовай творчасці «ВВ» у класічным складзе — з гітарыстам Юрыем Здарэнкам, а другі ўключае рэчы перыяду ўжо з новым гітарыстам Яўгенам Рагачэўскім».

Тым часам «ВВ» працягваюць знаёміць публіку са сваёй новай праграмай «Були деньки». 24 лютага ў Маскве адбудзеца канцэрт-фестываль «Рок-вечары на хутары бліз Крамля, ці Були деньки». На адну сцэну з «ВВ» выйдуць маладыя ўкраінскія калектывы, пакуль яшчэ не вядомыя шырокаму расійскаму слухачу. Акцыя будзе прысвячацца канцэрту, які праходзіў на Гарбушцы ў 1988 годзе, калі Масква ўпершыню ўбачыла кіеўскія ўкраінскамоўныя рок-калектывы, якія пазней сталі папулярнымі ў Расіі — «Вопли Видоплясова», «Раббота Хо» і «Коллежский асессор».

Па словах Алега Скрыпкі, для яго “той час — гэта супер-рок-тусоўка, касухі, паколатыя булаўкамі, забітыя цалкам залі і надпісы на сценах «Цой, мы заўсёды з табой!». «Були деньки» — гэта энэргія і драйв, здаровы, блеск у вачах у рокераў і публікі. Гэта канцэпцыя і ідэя, жаданне жыць і працаваць. «Були деньки» — гэта пачатак новай рок-эпохі, у якой мы зараз жывем!».