Вячаслаў Бутусаў выдае дыск саўндтрэкаў

Рулявы «Наутилуса Помпилиуса» Вячаслаў Бутусаў выдае новы альбом, які атрымаў назву «Модель для сборки». Асаблівасць гэтага рэлізу ў тым, што «Мадэль» з'яўляецца саўндтрэкам да фільма па матывах аповеду Хуліо Картасара «Рукапіс, знойдзены ў кішэні» рэжысёра Масіма Швачко.

На новым дыску Вячаслаў Бутусаў выконвае песні маладых расійскіх аўтараў - Макса Іванова (гурт «Торба-на-круче»), Паўла Чэхава і іншых.

На альбоме будзе 11 трэкаў, для запісу якіх выкарыстоўваліся аналагавыя драм-машыны, вінтажныя сінтэзатары і іншыя прылады, якія даўно выйшлі з ужывання. Агулам стылістыку кружэлкі можна апісаць як «сінці-рок».

Аранжыроўкай песень займаўся Яўген Панкоў, вядомы па супрацоўніцтву з гуртамі «Би-2» і Brainstorm.

«Модель для сборки» будзе выдадзена ў трох варыянтах, якія будуць адрознівацца як напаўненнем (у падарункавым выданні будзе яшчэ і DVD з дакументальным фільмам пра працу над дыскам), так і афармленнем.

Дадам, што рэліз альбома адбудзецца ў канцы сакавіка.

А ў хуткім часе на суд публікі таксама будзе прадстаўлены кліп на загалоўную кампазіцыю дыска «Фея».

Фота: golubchik.com