Вячорка лічыць, што ён абраны старшынём Партыі БНФ

Сёння ў Мінску адновіць працу Х з’езд Партыі БНФ. Галоўным пытаннем, якое ён паспрабуе вырашыць, будуць выбары кіраўніка партыі. Учора два туры галасавання ў выбарах старшыні партыі не вырашылі пытання лідэрства. У другім туры Вінцук Вячорка набраў 118 галасоў, за Алеся Міхалевіча прагаласавалі 110 чалавек. 10 галасоў прызнаныя несапраўднымі. Для перамогі Вячорку не хапіла двух галасоў.

Паводле рэгламенту, перамогу атрымлівае той кандыдат, які набірае 50% галасоў +1. Паколькі ў галасаванні бралі ўдзел 238 чалавек, дык Вячорку патрэбныя былі 120 галасоў.

Тым часам у інтэрв’ю газеце “Наша ніва” Вінцук Вячорка заявіў, што ён лічыць сябе абраным старшынём партыі: “Падліковая камісія агучыла вынікі галасавання, паводле якіх я быў прызнаны старшынём… мая лінія перамагла з адноснай большасцю галасоў”.

Тым не менш, ён чакае, што з’езд у нядзелю дасць “прававую ацэнку вынікам галасавання”.