Вянкі да мемарыяла ў Брэсце апазіцыя ўскладала пад наглядам АМАПу

У Брэсце прадстаўнікі апазіцыі адзначылі Дзень Перамогі ўскладаннем вянкоў і кветак да мемарыяла "Брэсцкая крэпасць — герой". За ўшанаваннем памяці загінулых назіралі АМАП і міліцыя. Акцыя адбываецца ўжо восьмы год. 8 траўня брэсцкія дэмакратычныя актывісты ладзяць святкаванне Дня Перамогі і Дня Аб'яднанай Еўропы. Гэтым разам у імпрэзе прынялі ўдзел сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Партыі камуністаў беларускай і Аб'яднанай грамадзянскай партыі.

Выканаўца абавязкаў старшыні БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч таксама наведаў мерапрыемства.

Ляўковіч: "Калі мы падышлі да мемарыяла, да нас падыйшоў кіраўнік раённай міліцыі і з'явіўся АМАП. Канечне, гэта было не вельмі прыемна... Кіраўніцтва міліцыі спрабавала ўгледзець у гэтай акцыі ўскладання кветак нейкае парушэнне грамадскага парадку".

Тым не менш праваахоўнікі вырашылі не складаць на апазіцыянераў пратаколы. Па словах А.Ляўковіча, найбольшую прыкрасць удзельнікі акцыі адчувалі ад таго, што абсурдныя дзеянні сілавікоў адбываліся на вачах замежных турыстаў.